ПІКТАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, піктаграфія (ад лац. pictus намаляваны + ...графія),

найбольш старажытны тып пісьма з дапамогай малюнкаў. Малюнкі, або піктаграмы, прызначаныя для перадачы інтэлектуальнага зместу, аднолькава разумеліся разнамоўнымі супольнасцямі, якія карысталіся агульнай ці блізкай сукупнасцю паняццяў. Адрозніваюць піктаграмы-сігналы (зразумелыя толькі ў пэўнай сітуацыі) і піктаграмы-знакі (нясуць сэнсавую інфармацыю самі па сабе). Істотная рыса П.п. — пэўная адвольнасць інтэрпрэтацыі, прачытання малюнкаў. П.п. было пашырана з часоў палеаліту сярод карэнных жыхароў Амерыкі, Трапічнай Афрыкі, Аўстраліі, Сібіры і інш. рэгіёнаў свету да 20 ст. З П.п. ўзнікла ідэаграфічнае пісьмо. У наш час прынцып піктаграфіі знаходзіць адлюстраванне ў дапаможных сродках камунікацыі (дарожныя знакі, сімвалічныя выявы відаў спорту, малюнкі ў коміксах, рэклама, татуіроўка і інш.).

Літ.:

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)